На главную

Реферат: Літаратурныя і публіцыстычныя творы як гістарычныя крыніцы


Реферат: Літаратурныя і публіцыстычныя творы як гістарычныя крыніцы

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра гісторыі Беларусі


РЭФЕРАТ

на тэму:

«Літаратурныя і публіцыстычныя творы як гістарычныя крыніцы»


МИНСК, 2008


Неабходна адрознiваць лiтаратурныя творы як гiстарычныя крынiцы i крынiцы па гiсторыi лiтаратуры (у якасцi якiх могуць выступаць i рэчавыя помнiкi, i iншыя вiды пiсьмовых крынiц).

Творы лiтаратуры, дзе мастацкая форма не менш iстотная, чым сам змест, як i помнiкi публiцыстыкi (для якiх характэрна перавага палемiчных функцый) займаюць асаблiвае месца сярод гiстарычных крынiц. Яны не столькi дакументальна фiксуюць падзеi, колькi адлюстроўваюць эмоцыi, адчуваннi, роздум аўтараў аб пэўных падзеях i з'явах. Лiтаратурныя i публiцыстычныя творы маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гiсторыi культуры, iдэалогii. Яны могуць служыць i служаць таксама цiкавай для гiстарычнай навукi крынiцай узнаўлення сацыяльна-палiтычнай карцiны эпохi, да якой яны адносяцца.

Безумоўна, лiтаратурныя творы рознай эпохi характарызуюць розныя рысы, на працягу часу змянялася i iх роля як гiстарычных крынiц. У развiццi ўсходнеславянскай лiтаратуры (i беларускай у прыватнасцi) гэта прыкладна такiя ўмоўныя перыяды: XI – XIII ст., XIV – XVIII ст., XIX – пачатак XX ст., лiтаратурныя творы савецкага часу.

Для першага перыяду характэрны iмкненне аўтараў да дакументальнасцi, дакладнасцi ў перадачы звестак, а таксама росквiт агiяграфiчнай лiтаратуры.


1. Агіяграфічныя крыніцы

Хрысціянства Русь (Кіеўская, Полацкая, Тураўская), а разам з тым і пэўныя культурныя традыцыі ўзяла ад Візантыі. Агіяграфічная літарату-ра – не выключэнне. Час яе ўзнікнення цяжка вызначыць дакладна. Першыя «пасіёны» («страсці»), «мартырыі» («сведчанні») апавядалі пра пакутніцкую смерць вернікаў падчас пераследу хрысціян (гэта прыкладна пачатак III ст.). Магчыма, першыя аповесці пра пакутнікаў і грунтаваліся на рэальных фактах. Пасля ж, аздобленыя легендарнымі падрабязнасцямі, яны самі рабіліся легендаю, накшталт хрысціянскай аповесці. У гэтым напрамку агіяграфія пэўны час працягвала традыцыі прыгодніцкага эліністычнага рамана.

Але паступова элемент займальнасці, белетрыстычнасці ў агіяграфіі знікае, саступаючы месца прагматызму і схематычнасці. Вобразы персанажаў усё больш пазбаўляюцца індывідуальнасці, ідэалізуюцца, мадэлююцца з вядомага набору станоўчых якасцей, аддаляюцца ад рэальнасці. Складваюцца пэўныя схемы, якіх імкнуцца прытрымлівацца складальнікі гэтага віду гісторыка-літаратурных твораў. Можна заўважыць, што ў большасці жыцій пасля рытарычнага ўступу (дзе часцей за ўсё будуецца формула самапрыніжэння: я – грэшнік) распавядаецца пра нараджэнне святога дзіцяці, у час якога нярэдка адбываюцца дзівосныя праявы і цуды (Аўраамій Смаленскі, Кірыла Тураўскі).

Герой жыція найчасцей яшчэ ў дзяцінстве выяўляе любоў да кніжнай навукі і «веры Хрыстовае». Рэдка ён гуляе з іншымі дзецьмі, аддаючы перавагу малітве і спевам царкоўным. У манастырскай келлі святы паказвае прыклад у пакорнасці, цярплівасці. Ён дабіваецца прызнання і любові часам пасля шматлікіх выпрабаванняў (напрыклад, смаленскі архімадтрыт Аўраамій). Адзначаны Духам Святым, ён бачыць праявы, здзяйсняе дзівосныя цуды, гаворыць з анёламі і шмат карысці духоўнай прыносіць тым, хто чуе ягоныя казанні, бачыць яго лад жыцця. У канцы апавядання змяшчаецца пахвала святому, параўнанне героя са старадаўнімі святымі, просьба маліцца за тых, хто шануе ягоную памяць, а таксама рытарычныя заклікі да святога, яго бацькоў і яго роднага горада.

Адхіляцца ад гэтай схемы можа толькі апавяданне пра святога пакутніка, дзе пераважная ўвага засяроджваецца на апісанні пакутаў святога. Адзін з даследчыкаў агіяграфіі трапна падкрэсліў гэтае адрозненне мартырыя ад уласна жыція: «У першым выпадку – ідэальны момант, у другім – ідэальнае жыццё».

Адзначыўшы такі схематызм вобразаў і падзеяў, заканамерна паставiць пытанне: а ў якой ступені можна разглядаць жыціе як гістарычную крыніцу, у якой ступені яна адпавядае гістарычнай сапраўднасці? В. В. Ключэўскі, адказваючы на гэтае пытанне ў сваёй магістэрскай дысертацыі, прыйшоў да высновы, што жыціе калі і можна разглядаць як гістарычную крыніцу, то ў найбольшай ступені як недакладную. Ён вылучыў наступныя тэзісы.

Першы. У жыціі ў адпаведнасці з літаратурнай задачай біяграфічныя факты з’яўляюцца толькі пэўнымі формамі для выяўлення ідэальнага вобразу святога. Сапраўды, пафас усяго жыцця і дзейнасці падзвіжніка заснаваны на перайманні ідэальнага ўзору паводзін і старажытнага святога, пакутніка, апостала, і ўрэшце – Хрыста. Так, святая полацкая князёўна Ефрасіння пераймае «Жыціе Ефрасінні Александрыйскай». Святы Яфрэм, які напісаў «Жыціе Аўрамія Смаленскага», відавочна пераймае манеру Яфрэма Сірына, што апісаў «Жыцiе Іаана Залатавуснага», а аўтар аповесці пра Меркурыя Смаленскага спасылаецца на «Жыціе Меркурыя Кесарыйскага» (і ўвогуле, акалічнасці подзвігу апошніх настолькі падобныя, што шэраг даследчыкаў лічаць смаленскага пакутніка хутчэй народнай легендай, чым гістарычнай асобай, а само казанне пра яго – вынікам «перасадкі» на ўсходнеславянскую глебу апавяданняў пра велікамучаніка Меркурыя Кесарыйскага). Да месца адзначыць, што і дні шанавання гэтых святых (ці выпадкова?) прыпадаюць на адзін дзень – 7 снежня.

Другі тэзіс В. В. Ключэўскага: «З апісваемага жыцця «жыціе» бярэ толькі такія рысы, якія вядуць да вызначанай задачы». Аднатыповасць жыційнай літаратуры – гэта не толькі адметнасць жанру, але і асаблівасць тых з’яў, якія яны адлюстроўваюць.

Трэці тэзіс: выбраныя рысы абагульняюцца ў жыцiі настолькі, каб індывідуальная асоба знікла ў іх за рысамі ідэальнага плана.

Аўтар жыція не выдумляў апавядання, напрыклад, пра набожнае дзяцінства свайго героя, нават калі і не меў неабходных звестак пра гэта, і не проста ўстаўляў у тэкст адпаведную падрыхтаваную папярэднікамі формулу. Ён упэўнены, што святы павінен быў паводзіць сябе такім чынам у той ці іншай сітуацыі (бо інакш не стаў бы святым!).

Падобная «ўстаўка» з’яўляецца, такім чынам, не выдумкай, а хутчэй, «біяграфічнаю гіпотэзаю» (па словах В. В. Ключэўскага).

Чацвёрты тэзіс: Агіябіёграф і гісторык глядзяць на апісваемую асобу з розных пунктаў гледжання: першы шукае ў ёй адлюстраванне ідэалу, другі – індывідуальных гістарычных рыс. Менавіта таму аўтар жыція апісвае толькі кульмінацыйныя моманты з жыцця свайго героя, выключаючы з твора ўсё, што, на ягоную думку, магло б пашкодзіць ажыццяўленню гэтай задумы. Менавіта таму іншыя, «другарадныя» персанажы пададзены эскізна, як фон, на якім дзейнічае святы. Бадай, адзіным выключэннем з гэтага правіла ў «Жыціі Ефрасiннi Полацкай» з’яўляецца эпізод падарожжа слугі Міхаіла на абрад Багародзіцы.

Гісторык у сваёй працы імкнецца прытрымлівацца храналагічнай паслядоўнасці. Кніжнік-жыццеапісальнік, наадварот, у адных выпадках пераказвае кожнае слова (напрыклад, размова Ефрасiннi Полацкай і епіскапа Іллі), у другім – побач ставіць эпізоды, якія аддзелены гадамі і нават дзесяцігоддзямі. Часавая ўмоўнасць жыціяў сапраўды тлумачыцца тым, што кніжнік-агіёграф і не ставіў перад сабою задачы дакладна фіксаваць учынкі героя, не меў на мэце напісаць яго біяграфію. Жыціе – не жыццяпіс, адлегласць паміж ім і біяграфіяй, па словах Ключэўскага, як паміж іконай і партрэтам.

Пяты тэзіс Ключэўскага: колькасць і якасць біяграфічных фактаў у жыціі адваротна прапарцыянальныя ўрачыстасці прычыны стварэння жыція і храналагічнай адлегласці, якая ляжыць паміж смерцю святога і напісаннем жыція.

Сапраўды, трэба мець на ўвазе, што большасць жыційных твораў неаднаразова перапісвалася і рэдагавалася. Да нашага часу захаваліся пераважна спісы. Вядома, напрыклад, 6 рэдакцый жыція Меркурыя і Аўрамія Смаленскіх, ды і іншых старажытных усходнеславянскіх жыцій. Пры гэтым з часам жыціі ствараліся з нагоды рэлігійных урачыстасцей і біяграфічныя дэталі ўвогуле знікалі за ідэальным вобразам святога.

Дык у якой ступені «Жыціі...» можна выкарыстоўваць як гістарычную крыніцу? М. Блок, французскі гісторык, прызнаючы, што шмат якія агіяграфічныя творы не даюць грунтоўных звестак пра тых асоб, чые жыццё яны павінны апісваць, раіў аднак «пашукаць указанняў на асаблівы лад жыцця і мыслення ў тую эпоху, калі яны былі напісаны… і гэтыя жыціі зробяцца неацэннымі».

Сапраўды, рэгламентаванасць структуры, зместу, аўтарскай пазіцыі кніжніка-агіёграфа не выцеснілі з містычнага свету жыцій характарыстык той эпохі, у якую яны былі створаны. Агіяграфічныя творы даюць унікальны па багацці матэрыял пра ўмовы жыцця, светапогляду, асяроддзя, у якім жылi іх персанажы.


2. Лiтаратурныя i публiцыстычныя творы XI – XIII ст.

Агiяграфiчныя творы складалiся з мэтай стварэння «прыкладаў жыцця», якiя трэба было пераймаць, на аснове якiх трэба было будаваць сваё жыццё. Публiцыстычная накiраванасць характэрная для ўсiх лiтаратурных твораў XI – XIII ст., размежаванне iх з уласна публiцыстычнымi вельмi ўскладняюцца. Прыкладам таго з'яўляецца творчасць Кiрылы Тураўскага. Адны яго называюць кампiлятарам, другiя творцам, i нават магчымым складальнiкам «Слова аб палку Iгаравым». Усё ж не выклiкае сумнення, што гэта – адукаванейшы чалавек свайго часу, выдатны прамоўца, нездарма празваны сучаснiкамi Златавустам. Час не быў лiтасцiвы да лiтаратурнай спадчыны Кiрылы Тураўскага, але да нас дайшло больш за 40 яго твораў: казаннi, павучаннi на тэмы Евангелля, пiсанняў прарокаў, малiтвы i канон аб пакаяннi, аповесцi. За рэлiгiйнай формай яго твораў стаяць рэальныя факты жыцця сучаснага пiсьменнiку грамадства, жорсткая барацьба сацыяльных i культурных тэндэнцый. Таму лiтаратурная i публiцыстычная спадчына Кірылы Тураўскага з'яўляецца важнай крынiцый не толькi для вывучэння дзейнасцi пiсьменнiка, яго светапогляду, але i духоўнай атмасферы той эпохi.

Цiкавай крынiцай выхаваўчага, навучальнага зместу (але, безумоўна, свецкага характару) з'яўляецца «Павучанне Уладзiмiра Манамаха», напiсанае ў 1117 г., але памылкова ўключанае ў Лаўрэнцьеўскi спiс «Аповесцi мiнулых гадоў» пад 1097 г. Аўтар («пры святым хрышчэннi Фёдар, а рускiм iмем Уладзiмiр») дае настаўленнi падрастаючаму пакаленню, дзелiцца вопытам свайго багатага на падзеi жыцця. Вялiкi кiеўскi князь, дзелячыся ўспамiнамi, таксама расказвае пра свае ўзаемаадносiны з полацкiмi князямi i паходы на беларускiя землi. Трэба мець, аднак, на ўвазе, што твор пiсаўся Уладзімірам Манамахам «на санях сидя» (ужо на схiле гадоў жыцця); безумоўна, асобныя эпiзоды сцерлiся ў памяцi, а дацiроўкi даюцца вельмi прыблiзна, iх неабходна ўзгадняць са звесткамi летапiсаў.

Яшчэ ў большай ступенi цiкавай крынiцай перыяду XI – XIII ст. з'яўляецца «Слова аб палку Iгаравым». Тэкст гэтага помнiка быў знойдзены А. І. Мусiным-Пушкiным у 1795 г. (з яго была зроблена копiя для iмператрыцы Кацярыны II) i ў 1800 г. апублiкаваны. Падчас вайны 1812 г. арыгiнал твора знiк. Адсутнасць арыгiнала дала падставу скептыкам даказваць, што «Слова…» – пазнейшая падробка канца  XVIII ст. Нягледзячы на праведзеныя даследаваннi з дапамогай камп'ютэрнага аналiзу тэксту (яны пацвердзiлi сапраўднасць гэтага помнiка ўсходнеславянскай лiтаратуры XII ст.), азначаны скептытызм прысутнiчае i ў многiх сучасных даследчыкаў. Вучоныя, якiя адстойваюць сапраўднасць «Слова...», падкрэслiваюць, што гэта яшчэ i выдатны лiтаратурны твор; што можна падрабiць почырк, але нельга падрабiць стыль Гамера або Багушэвiча.

Складана параўнаць «Слова...» з iншым помнiкам лiтаратуры гэтага часу (твор, як вядома, датуюць 1185 – 1187 гг.). Але лiтаратуры аб iм столькi ж, колькі пра Атлантыду, яе немагчыма пералiчыць. Апошнiм цiкавым даследаваннем з'яўляецца праца акадэмiка Б. А. Рыбакова, прысвечаная пошукам аўтара «Слова…». У «Слове аб палку Iгаравым» адлюстравалiся дзве найбольш характэрныя рысы лiтаратуры XI –  XIII ст. – iмкненне не вызначаць свайго аўтарства i адсутнасць выдуманых персанажаў. Незалежна ад таго, хто з'яўляецца аўтарам «Слова…» (асобныя даследчыкi прыпiсваюць аўтарства Кiрыле Тураўскаму), гэты помнiк лiтаратуры XII ст. можна вызначыць як найцiкавейшую крынiцу па палiтычнай гiсторыi Беларусi XI – XII ст. Важнае месца ў «Слове…» займае характарыстыка дзейнасцi полацкiх князёў. У партрэтнай галерэi самых выдатных дзеячаў сiвой даўнiны, паказаных у паэме, – вобраз Усяслава, да якога невядомы аўтар адносiцца з сiмпатыяй. Малюючы Усяслава Чарадзея магутным князем, аўтар адначасова падкрэслiвае бессэнсоўнасць мiжусобных войнаў, у якiх прымаў удзел i ён, звяртаецца з заклiкам да прадстаўнiкоў дзвюх дынастый – Усяслава Чарадзея i Яраслава Мудрага перапынiць раздоры i сваркi.

«Слова…» iстотна дапаўняе летапiсы. У прыватнасцi, кiеўскi летапiсец амаль нiчога не гаворыць аб дзейнасцi Усяслава Чарадзея ў якасцi кiеўскага князя. Толькi ў гэтым лiтаратурным творы мы сустракаем звесткi аб гарадзенскiм князi Iзяславе Васiлькавiчы. Цiкавыя паралелi аб мiжусобiцах у Полацкай i Кiеўскай землях (якiя вобразна перададзены ў супастаўленнi «р.Сула – Дзвiна»). Можна меркаваць, што аўтарам «Слова…» быў адзiн са складальнiкаў кiеўскага летапiсу XII ст. або ён меў на руках спiс Полацкага летапiсу.

Iснуе вельмi шмат мастацкiх перакладаў «Слова…», у тым лiку i на беларускую мову (Я. Купалы, М. Гарэцкага, Р. Барадулiна, I. Чыгрынава). Аднак для гiсторыка яны цiкавыя толькi як сучасныя лiтаратурныя пераклады, для тэксталагiчнага вывучэння iх выкарыстоўваць немэтазгодна.


3. Публiцыстычныя творы XVI – XVIII ст.

У гэты перыяд развіваецца кнігадрукаванне, і таму неабходна адзначыць, што літаратуразнаўцы ўмоўна падзяляюць гісторыка-літаратурныя творы на рукапісныя і друкаваныя. Да рукапісных яны адносяць тыя матэрыялы, якія засталіся ў асабістым архіве пісьменніка і зберагліся незалежна ад таго, надрукаваныя яны ці не трапілі ў друк. Асноўным відам рукапісаў называюць аўтографы – уласнаручныя творчыя рукапісы пісьменніка, якія маюць пераважнае значэнне пры вырашэнні спрэчных пытанняў аб сапраўднасці тэксту, складзе твора, даціроўцы і г. д.

У азначаны перыяд мастацкая літаратура па-ранейшаму грунтуецца на гістарычным матэрыяле. Тыпізацыя і мастацкі вымысел прысутнічае ў большай ступені (у параўнанні з папярэднім перыядам), але па-ранейшаму ўсе творы падпарадкаваны імкненню да дакладнасці і адпаведнасці гістарычным фактам. Так, у цэнтры апісання гісторыка-эпічнай паэмы Яна Вісліцкага «Пруская вайна» (1516) знаходзіцца знакамітая бітва 15 ліпеня 1410 г. Паэтычны твор аб Грунвальдзе напісаны, па словах самога аўтара, з мэтай захаваць у памяці нашчадкаў гераічную славу народа-пераможцы. Разам з тым Я. Вісліцкі ведае аб «траіснасці Русі» (Чырвоная, Белая, Чорная), з павагай адзначае ролю беларусаў («стойкіх», «смелых»), якія выдатна карыстаюцца лукам. Асобныя даследчыкі мяркуюць, што паэт нарадзіўся або жыў некаторы час на Беларусі. Набходна адзначыць, што падчас працы над сваім творам Я. Вісліцкі карыстаўся выпіскамі з гістарычных крыніц аб Грунвальдскай бітве, таму ў паэме сустракаюцца звесткі, дэталі, якіх мы не знаходзім у іншых крыніцах.

Па-ранейшаму літаратурны твор лiчыўся творам выхаваўчым. Невыпадкова, што значная частка мастацкіх твораў мела павучальны змест. Таленавітыя літаратары адначасова з'яўляліся і выдатнымі педагогамі (Сiмяон Полацкі). Гэта таксама прадвызначыла тое, што большасць літаратурных твораў мела пэўную публіцыстычную накіраванасць. Сінтэзам гістарычнага апавядання і публіцыстыкі з'явілася паэма Мікалая Гусоўскага «Песня пра зубра» (1520), дзе мастацкі вобраз магутнага цара беларускіх пушчаў паказаны ва ўзаемадзеянні з пэўнай сацыяльна-палітычнай рэчаіснасцю Вялікага княства Літоўскага. Паэма – цiкавая крыніца вывучэння традыцый, ладу жыцця людзей XVI ст. Каштоўнай гістарычнай крыніцай з'яўляецца літаратурна-публіцыстычная спадчына Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, якая адлюстравала іх грамадска-палітычныя, філасофскія, прававыя, эстэтычныя і педагагічныя погляды i дазволiла нам вывучаць характэрныя рысы грамадскай думкі Беларусі XVI ст.

Каштоўным пластом літаратурна-публіцыстычных твораў XVI – XVIII ст. стала палемічная літаратура (само слова «палеміка» ў дакладным перакладзе азначае «спрэчка», «вайна»), у развіцці якой можна вылучыць дзве плыні: свецкую і рэлігійную. Да першай можна аднесці такія яскравыя помнікі, як «Отпісы» Філона Кміты-Чарнабыльскага і «Трактат аб норавах татар, літоўцаў і масквіцян» Міхалона Літвіна. Аўтарам апошняга з названых твораў даследчыкі доўгі час лічылі Міхаіла Тышкевіча, які з'яўляўся адным з паслоў дыпламатычнай місіі ў Крым у 1538 г. (аб чым гаварылася ў творы).

Зараз большасць даследчыкаў схіляецца да трактоўкі аўтара, прапанаванай польскім гісторыкам Е. Охманьскім: аўтарам «Трактата...» мог быць толькі Вінцэслаў (Вацлаў) Мікалаевіч, які жыў каля 1490 –  1560 гг., літовец па нацыянальнасці, католік па веравызнанні, лацінскі сакратар велікакняжацкай канцылярыі. У яго былі прычыны хаваць сваё імя, паколькі ў творы не толькі жорстка крытыкуюцца існуючыя парадкі ў княстве, але і названы прозвішчы многіх магнатаў і святароў. Сумуючы па «хоробрай Літве» часоў Вітаўта, ён звяртаецца да вопыту суседзяў княства.

Аналізуючы твор як гістарычную крыніцу, трэба мець на ўвазе, што публіцыстычны твор Міхалона часам набывае рысы памфлета, дзе прысутнічае пэўная гіпербалізацыя, перабольшванне. Наўрад ці сапраўды ў гарадах літоўскіх пілі больш, чым у маскоўскіх, а жанчыны вялі сябе больш распутна і кіравалі сваімі мужамі і г. д. Палемічная гіпербалізацыя тут спалучаецца з ідэалізацыяй дзяржаўнага ладу Крымскага ханства і Маскоўскай дзяржавы. Уплыў тэорыі аб рымскім паходжанні літоўцаў (Міхалон адкідвае, аднак, легенду аб Палемоне) дазваляе нам зразумець рэзка адмоўныя адносіны Міхалона да «рутэнскай» мовы, што пераважала ў справаводстве. Ён праслаўляе латынь. У творы заўважаецца характэрны для тагачаснай свядомасці перанос антычнай доблесці на стэпавікоў-качэўнікаў. Вядома, што польская шляхта выводзіла сябе ад легендарных сарматаў (іранамоўнае насельніцтва стэпаў ад Табола да Дуная ІІІ ст.  да н. э. – IV ст. н. э.). Перамогі качэўнікаў у гістарычным мінулым выклікалі не толькі страх, але і захапленне. Апошняе пераносілася на войскі маскоўскія і татарскія. Твор Міхалона дае магчымасць пазнаёміцца з уяўленнямі (магчыма, шырока распаўсюджанымі) пэўнай часткі мужчын княства аб жанчынах, сям'і, каханні і іх месцы ў жыцці чалавека і грамадства.

Патрыятычнымі пачуццямі, перажываннямі за сваю радзіму былі выкліканы і «Отпісы» аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага. Асноўная iх тэма – пагранічнае жыццё і сакрэтныя дадзеныя аб ваенных справах і намерах маскоўскага цара Івана Грознага. Аднак пэўныя з іх маюць выключна публіцыстычны характар. Так, у «Отпісах», адрасаваных кашталяну трокскаму, падканцлеру Вялікага княства Яўстафію Валовічу відавочныя імкненні апраўдаць свае дзеянні (сакрэтная перапіска з Масквою), ідэалізацыя маскоўскага цара, пэўны патрыятычны пафас: «Дитя еще невеста ходит, и с того дитяти мает быти внук – дай тому именье, еспектативу (прывілей на тую ці іншую вакансію. – Аўт.) дай. Сыну дай, брату дай, слузе дай – а на абход Рэчы Посполитое што?..»

Царкоўна-палемічная публіцыстыка гэтага часу звязана найперш з барацьбой дзвюх хрысціянскіх канфесій у Вялікім княстве Літоўскім, са стварэннем і дзейнасцю уніяцкай царквы. Адным з пачынальнікаў палемікі стаў Пётр Скарга, рэктар Віленскай езуіцкай акадэміі, які ў 1574 г. на польскай мове выдаў кнігу «Пра еднасць боскага касцёла пад адзіным пастырам». Ідэю Пятра Скаргі падтрымалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза і ўладзіміра-брэсцкі епіскап Іпацій Пацей, які пазней стаў уніяцкім мітрапалітам і заснавальнікам беларускай уніяцкай літаратуры. Яго пяру належаць тэарэтычныя трактаты «Унія грэкаў з касцёлам рымскім» і «Гармонія царквы з касцёлам рымскім», у якіх ён абгрунтоўваў унію, крытыкаваў лютэранства, кальвінізм і іншыя напрамкі рэфармісцкага руху ў Вялікім княстве Літоўскім.

Супраць контррэфармацыі і уніі выступілі Андрэй Волан, Лявонцій Карповіч, браты Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі. Мялецій Сматрыцкі праславіўся такім творам, як «Фрынас» («Плач адзінай святой агульнай апостальскай заходняй царквы...»). Напісаны вельмі таленавіта, з выкарыстаннем прац заходнееўрапейскіх пісьменнікаў і філосафаў, гэты твор меў велізарнае ўздзеянне на чытача, і таму выклікаў рэзкую ацэнку з боку не толькі каталіцкай царквы, але і каралеўскай улады. Лявонцій Карповіч, рэктар праваслаўнай брацкай школы, архiмандрыт віленскага Свята-Духаўскага манастыра па дэкрэту караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы быў зняволены на два гады турмы. Мялецій Сматрыцкі ж адышоў ад палемікі і заняўся педагагічнай, асветніцкай дзейнасцю.

Увогуле, для разумення азначаных твораў і іх вывучэння трэба мець на ўвазе канкрэтныя сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя ўмовы, у якіх разгортвалася палеміка. У другой палове XVI ст. паступова на змену рэфармацыйным ідэям, плыням вяртаюцца старыя догмы пра захаванне феадальнага ладу і ўплыву каталіцызму. Узнікае новы рух рэакцыйных феадальных сіл у Заходняй Еўропе – контррэфармацыя, якая набірае ў княстве сілу пасля смерці вядомага прыхільніка кальвінізму канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага. Унія і каталіцтва атрымліваюць дзяржаўную падтрымку. Менавіта таму творы праваслаўных дзеячаў выглядаюць пратэстам супраць прыгнёту. Між іншым, асобныя з іх былі такімі ж рэлігійнымі фанатыкамі, як Іязафат Кунцэвіч, вядомы прыхільнік уніі. Апошняе можна яскрава заўважыць на прыкладзе «Дыярыуша» Афанасiя Філіповіча. Улічваючы назву, многія даследчыкі адносяць гэты твор да гісторыка-мемуарнай літаратуры. Аднак можна заўважыць, што «Дыярыуш» мае складаную структуру і форма ўспамінаў была выбрана, па-першае, для паведамлення звестак аб сабе (у яго не было «сведачных» картак і Філіповіч складае «Гісторыю падарожжа»); па-другое, каб на прыкладзе свайго жыцця паказаць прыгнёт праваслаўнай царквы і акрэсліць крытыку уніі («навіны»). Наступная частка – «Фундамент непарадку касцёла рымскага» была дадзена ў мэтах крытыкi дзеянняў каталіцкага духавенства, а «Порада» – пэўны план дзеянняў, прапанаваны каралю. Такім чынам, «Дыярыуш» адпавядае ўсім канонам публіцыстычнага жанру: гістарычны матэрыял тут прысутнічае для доказу іх поглядаў.


4. Публiцыстычныя творы XIX – XX ст.

У ХIХ ст. публiцыстычная лiтаратура не толькi павялiчваецца колькасна, але i набывае новае гучанне. У якасцi твораў публiцыстыкi выступаюць праекты дзяржаўных пераўтварэнняў i канстытуцый. Адбываецца зрошчванне публiцыстыкi i перыёдыкi (выдатным прыкладам гэтага з’ўляецца «Мужыцкая праўда» К. Калiноўскага.), узнiкаюць новыя формы, дакладна акрэслiваюцца лiтаратурна-мастацкая, навуковая i грамадска-палiтычная публiцыстыка. Вызначаюцца афiцыйная, праўрадавая i апазiцыйная публiцыстыка. Яркай старонкай беларускай публiцыстыкi другой паловы ХIХ ст. з’яўляецца публiцыстыка беларускiх народнiкаў.

У публiцыстыцы ХIХ ст. вызначаюцца кансерватыўны, лiберальны, дэмакратычны i рэвалюцыйна-радыкальны напрамкi, асобна вызначаецца публiцыстыка царквы. На пачатку ХХ ст. публiцыстыка становiцца адной з формаў партыйнай прапаганды; публiцыстычную накiраванасць набываюць нават праграмныя дакументы розных партый.

У ХХ ст. атрымліваюць шырокае развiццё такiя формы публiцыстычнай лiтаратуры, як пракламацыi, лiстоўкi (апошнiя асаблiва былi распаўсюджаны ў перыяд другой сусветнай вайны). Лiстоўкi выкарыстоўвалi не толькi савецкiя ўлады, але i нямецкi бок. Даволi часта лiстоўкi суправаджалiся малюнкамi, графiчнымi выявамi i наблiжалiся да плакатаў.


ЛIТАРАТУРА

Многiя лiтаратуразнаўцы выкарыстоўваюць гэты тэрмiн менавiта ў апошнiм сэнсе. Гл., напр.: Кiсялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвiча. Мн., 1994.

Кнiга жыцiй i хаджэнняў / Уклад., прадм. i каментарыi А.Мельнiкава. Мн., 1994.

Блок М. Апология истории, или ремесло историка. М., 1980. С.38.

Рыбаков Б.А. Петр Бориславович: Поиск автора «Слова о полку Игореве».  М., 1991.

Любавский М.К. Кто был Михайло Литвин, написавший в первой половине XVI в. трактат «О нравах татар, литвинов и московитян»// Российская ассоциация научно-исследовательских институтов общественных наук: Уч. зап. Ин-та истории. М., 1929. Т. IV. С. 49 – 54; Ср.: Он же. Литовско-русский сейм. М., 1901. С. 426, 436. Прим. 24,746. Приложения. С. 88, 97, 263.

Охманьский Е. Михалон Литвин и его трактат «О нравах татар, литовцев и московитян» середины XVI в. // Россия, Польша и Причерноморье в XV – XVIII вв. М., 1979. С. 87 – 117; Дмитриева М.В., Старостина И.П., Хорошкевич А.Л. Михалон Литвин и его трактат // Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и московитян. М., 1994 г.  С. 6 – 55.

Падрабязна гл.: Коршунов А. Афанасий Филиппович. Жизнь и творчество. Мн., 1965.

У параграфе акрэслены толькi падыходы да пытання, паколькi гiсторыя i змест найбольш вядомых публiцыстычных твораў разглядаюцца ў агульным курсе гiсторыi.

Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.


© 2010